12 студзеня 2020 года беларускае таварыства “Уздым” заўзята і крэатыўна адсвяткавала традыцыйнае зімовае свята – Каляды.

Сярод мноства святаў у беларусаў менавіта Каляды з'яўляюцца адным з самых значных. Яго чакаюць заўсёды і дарослыя, і дзеці. Нашы продкі верылі, што сонца ў гэтыя калядныя дні адольвае цемру, але сонцу неабходная наша дапамога, і для гэтага трэба гучна спяваць, біць у бубны і танцаваць! Сваім аптымізмам і весялосцю ўсяліць надзею ў непазбежнасць перамогі дабра над сіламі зла. На Каляды адбываліся кірмашы і святочныя гулянні, вадзілі карагоды, сваталіся.

Традыцыйна “Уздым”, праводзячы гэты вясёлае свята, збірае разам вялікую колькасць членаў таварыства. Вось і ў гэты раз на Каляды было так шматлюдна, што яблыку няма дзе было ўпасці. Удзельнікі свята грунтоўна падрыхтаваліся: развучылі гумарыстычныя скетчы, вясёлыя танцы, лірычныя і забіяцкія беларускія песні, карагоды, дэманстравалі па-майстэрску выкананыя маскі і многае іншае. У гэты раз Каляды праходзілі як ніколі весела, і нікога не пакінулі абыякавымі.

Можна адзначыць, што амаль усе госці змаглі праявіць свае здольнасці і ўнесці часцінку свайго таленту ў сяброўскую і добразычлівую аўру свята! Як звычайна і бывае ў калядныя дні, удзельнікі Каляд жадалі росквіту і дабрабыту адзін аднаму і таварыству “Уздым”.

У арганізацыі і правядзенні такіх мерапрыемстваў удзельнічае вельмі шмат людзей. Падрыхтоўка ідзе не адзін дзень. Актывісты-энтузіясты сумесна развучваюць нямала новага і, можа быць, не заўсёды звыклага матэрыялу. Такія капуснікі дапамагаюць аб'ядноўваць і гуртаваць людзей.

Валерый Амбросаў