Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

26-27 снежня 2019 года вучням Беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветнага таварыства “Уздым” пашчасціла прыняць удзел у мерапрыемствах Навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” у Мінску. Яны наведалі святочнае прадстаўленне ў Беларускім дзяржаўным цырку і Прэзідэнцкую ёлку ў Палацы Рэспублікі.

Але пра ўсё па парадку… 

Паездка ў Мінск пачалася 26 снежня. Дзетак з нядзельнай школы чакаў навагодні паказ Дзяржаўнага цырка Рэспублікі Беларусь. Прадстаўленне праходзіла па сцэнарыі казкі “Царэўна-Несмеяна”. Баба-Яга так зачаравала прынцэсу, што тая перастала радавацца і смяяцца. Цар запрашаў усіх прыдворных зняць чары з дачкі. На гэта выпрабаванне выклікаліся жанглёры, клоўны, вярблюды, сабачкі з трукамі на скейтбордах. Больш за ўсё ўразіла шоу, падчас якога артысты ў яркіх святлодыёдных касцюмах выконвалі прыгожыя танцы і адначасова каляровымі посахамі малявалі карціны.

Пасля смачнай вячэры ў гімназіі, у самым цэнтры беларускай сталіцы, адправіліся на вандроўку па вячэрняму Мінску, які зіхацеў у навагодняй ілюмінацыі. Прыгажосць!

Каб школьнікі, якія прыехалі на свята ў Мінск з розных гарадоў і дзяржаў, пазнаёміліся і пасябравалі, увечары ў інтэрнаце, дзе яны начавалі, была арганізавана дзіцячая дыскатэка.

Раніца 27 снежня. Дзеці ў прадчуванні наведвання Прэзідэнцкай ёлкі. Мы ў Палацы Рэспублікі. Там такая ж навагодняя прыгажосць. Паўсюль розныя тэматычныя кампазіцыі для фотасесіі, велізарная ёлка. Аніматары папрацавалі на славу – дзеці зарадзіліся святочным настроем.

Навагодняе прадстаўленне пачалося з выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, які павіншаваў дзяцей і настаўнікаў з Новым годам.

Спектакль праходзіў у стылі мюзікла. Юныя гледачы ўбачылі добрую гісторыю з дзяцінства Дзеда Мароза з цікавай версіяй, чаму ж ва ўсім свеце столькі розных Дзядоў Марозаў.

Несумненна, шчаслівым момантам свята было атрыманне падарункаў ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – вялікія наборы беларускіх цукерак, мяккія цацкі-мышкі, віншавальныя паштоўкі. Эксклюзіў!

Дзеці перамяшчаліся па Мінску арганізавана ў аўтобусах, у суправаджэнні міліцэйскага эскорту; у пытаннях арганізацыі і бяспекі ўсё было прадумана да дробязяў.

Дарога дадому праляцела хутка. Як распавялі ўдзельнікі паездкі ў Мінск, пра гэта замежнае, не вельмі блізкае, святочнае і дзіўнае падарожжа засталіся самыя пазітыўныя ўражанні. Пра такі навагодні падарунак можна толькі марыць! А яшчэ дзеці зразумелі, што паездка на Прэзідэнцкую ёлку ў Мінск – гэта іх узнагарода за поспехі і актыўнасць у Беларускай нядзельнай школе.

На Прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску таксама пабывалі з Латвіі вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы і беларускага нядзельнага класа з Рэзэкнэ.

Выхаванцы “Вясёлкі” удзельнічаюць у дабрачыннай акцыі  “Нашы дзеці” у Беларусі другі год запар дзякуючы падтрымцы Пасольства РБ у Латвіі, за што  “Уздым” выказвае дыпламатам бязмежную ўдзячнасць.

Асобныя словы падзякі: Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе – за вырашэнне візавага пытання; віцэ-мэру Даўгаўпілса Янісу Дукшынскаму, Упраўленню адукацыі і яго кіраўніцы Марыне Ісупавай – за рашэнне транспартнага пытання; шафёру Чэславу Кезіку – за высокі прафесіяналізм, памежным службам Латвіі і Беларусі – за аператыўнае вырашэнне пытання з перасячэннем дзяржаўнай мяжы, Праўленню беларускага таварыства  “Уздым” – за рашэнне ўсіх арганізацыйных пытанняў.

Так з прафесіяналізму і учынкаў многіх спецыялістаў розных структур склалася агульная добрая справа: нашы дзеці атрымалі незабыўны падарунак да Новага года, пашырылі свой кругагляд, умацавалі культуралагічныя сувязі Латвіі і Беларусі.

Алёна Радзівонава, настаўніца, кіраўніца дэлегацыі