Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

У фінале года Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе традыцыйна арганізавала калядны прыём для кіраўніцтва самакіраванняў і беларускіх арганізацый консульскай акругі. Праўда, у святочнай сустрэчы быў і сумны момант – пяцігадовая дыпляматычная камандзіроўка Генконсула Уладзіміра Клімава ў Латвіі завяршылася, і ён вяртаецца дадому ў Мінск.
Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў павіншаваў гасцей з надыходзячымі святамі Калядаў і Новага года, пазначыў галоўныя поспехі мінулага перыяду, падзякаваў за плённае супрацоўніцтва і ўручыў граматы за асаблівыя поспехі ў 2019 годзе суайчыннікам. У іх лік была ўключана Настасся Лукашонак, кіраўніца вакальна-інструментальнага ансамбля “Пралескі” і дзіцячай студыі “Скарбніца”, якія шмат выступалі на фестывалях і канцэртах. Малады педагог сваім спевам таксама музычна ўпрыгожыла вечар.

Перад самым ад'ездам Уладзімір Васільевіч запрасіў актывістаў Цэнтра беларускай культуры і беларускага таварыства “Уздым” на кубак кавы ў консульства, каб асобна падзякаваць за тое плённае супрацоўніцтва, якое склалася паміж беларускім дыпламатам і беларусамі замежжа. Пяць гадоў праляцелі непрыкметна. Пра іх будуць нагадваць фотаздымкі, якія ў вырабленым латгальскімі рамеснікамі альбоме з выглядам Даўгаўпілса атрымаў у падарунак У.Клімаў.
Самымі незабыўнымі застануцца ўспаміны пра 5 гадоў дыпламатычнай службы ў Латгаліі: праца, людзі, прырода. Пра гэта Уладзімір Васільевіч Клімаў распавёў у інтэрв'ю беларускай праграме “Світанак” Латвійскага радыё-4: “Значна вырасла колькасць грамадзян і жыхароў Латвіі, якія аформілі візы і іншыя праязныя дакументы для наведвання Беларусі. Колькасць арганізаваных турыстаў вырасла больш, чым у 6 разоў.

За гэты перыяд двойчы прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ (парламент), выбары прэзідэнта РБ, што патрабуе вельмі вялікіх намаганняў усіх работнікаў генконсульства.

Пры нашым садзейнічанні падпісана не менш за 10 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж самакіраваннямі нашай консульскай акругі і беларускімі самакіраваннямі. Прыкметна актывізавалася рэгіянальнае і памежнае супрацоўніцтва ў галіне эканомікі. Толькі зараз мы аказваем садзейнічанне ў адкрыцці 3-х вытворчасцей у Беларусі з латвійскім капіталам тут, у прыграніччы.

Перабудоўвалі працу ў сувязі з цэлым шэрагам рашэнняў нашай дзяржавы, накіраваных на спрашчэнне візавага рэжыму, змяненне ставак консульскага збору, адкрыцця бязвізавага ўезду ў РБ.

Зроблена вялікая праца па прыцягненні латвійскіх і беларускіх партнёраў у рамках трансгранічнай праграмы “Латвія – Літва – Беларусь”.
 Вядома, незабыўнымі для мяне стануць шматлікія, цікавыя і самабытныя мерапрыемствы, якія праводзяцца беларускай дыяспарай і яе арганізацыямі. Такія, як фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, “Фэст” у Дагдзе, фестываль нацыянальных касцюмаў у Екабпілсе, канцэрты ў Ліванах, фестывалі ў Беларускім прымежжы; яны пакінулі вельмі яркія ўражанні.
 За гэты час знаходжання я сустрэўся з многімі выдатнымі людзьмі і зразумеў, што для ўсіх жыхароў Латгаліі характэрныя спагадлівасць, цеплыня ў адносінах, гатоўнасць дапамагчы і іншыя выдатныя якасці.
  Я таксама ўдзячны калектыву Генеральнага консульства РБ, якія з самааддачай выконваюць свае абавязкі ва ўмовах пастаянна нарастаючай нагрузкі.

Асаблівыя ўражанні ад самой Латгаліі, выдатнага краю азёр, лясоў, рэк – месца, дзе сапраўды адпачываеш душой. І вядома, Даўгаўпілс – з яго шматнацыянальнасцю, з яго шматканфесійнасцю, з яго мультыкультурай. Гэта горад-гісторыя, гісторыя жывая, гісторыя, застылая ў камені: і моц, і стары горад, і шроталіцейная вежа – яго выдатныя жамчужыны. Вось такія цёплыя ўражанні і ўспаміны застаюцца ў мяне за гэтыя пяць гадоў у Даўгаўпілсе.

Не намі прыдумана: у гасцях добра, а дома лепш. Чакаю вяртання дадому, у Мінск – горад, дзе жывуць родныя, блізкія, сябры і таварышы. У Мінску знаходзіцца мой дом, які чакае мяне, і ў ім трэба шмат чаго зрабіць.
 Што тычыцца Даўгаўпілса, то я ўпэўнены, што буду сумаваць па ім і абавязкова вярнуся, але ўжо ў якасці турыста”.
 А мы шчыра пажадалі У.Клімаву поспехаў на новай ніве ў Беларусі!

Жанна Раманоўская