Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Зусім нядаўна закончыліся летнія канікулы. Школьны званок паклікаў дзяцей за парты. Час ляціць вельмі хутка. Вось ужо і Дзень настаўніка, які ва ўсім свеце адзначаецца 5 кастрычніка.

У беларускім таварыстве “Уздым” ёсць добрая традыцыя – напярэдадні свята настаўнікаў пачынаць заняткі ў беларускай школе “Вясёлка” (заняткі ў школе праходзяць па нядзелях, з 13.00 да 15.00, у Цэнтры беларускай культуры).

1 верасня ў Беларусі ў г. Слонім Гродзенскай вобласці прайшло свята “Дзень беларускага пісьменства”. Гэтай падзеі быў прысвечаны і наш першы школьны адкрыты ўрок, які падрыхтавалі і правялі куратар беларускай школы Людміла Сінякова, настаўнікі Алeна Радзівонава і Вольга Паўловіч.

На ўроку прысутнічалі выхаванцы беларускай школы, дзеці членаў таварыства “Уздым”, бацькі. Ганаровым госцем быў паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, які чытаў для дзяцей свае вершы.

З віншавальнымі словамі да бацькоў і дзяцей звярнулася старшыня беларускага таварыства “Уздым”, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Яна перадала падарункі – кнігі, якія для дзяцей падрыхтавала пасольства РБ у Латвіі. Да пачатку навучальнага года школа атрымала кнігі пра Беларусь, мастацкую і метадычную літаратуру.

Вось ужо на працягу некалькіх гадоў нашы дзеці прымаюць удзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, які арганізуе аб'яднанне беларусаў “Радзіма” з г.Талін (Эстонія). У гэтым годзе мы зноў атрымалі запрашэнне. Тэма конкурсу “Спяваюць паэты на зямлі...”. Конкурс прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Еўдакіі Лось, творчасць якой звязана з Латвіяй. Дзецям было прапанаванa прачытаць вершы паэткі і падрыхтаваць да 20 кастрычніка малюнкі.

Мы, настаўнікі, спадзяемся, што і ў гэтым годзе ў зборніку вершаў Е.Лось, які будзе выдадзены на эстонскай зямлі, будуць надрукаваны малюнкі нашых дзяцей.

У школе “Вясёлка” прагучаў першы школьны званок, які па традыцыі даў самы маленькі вучань школы – Алекс Кавалеўскі разам са сваёй мамай Марытай.

А потым быў салодкі стол і чаяванне, падчас якога абмяркоўваліся розныя пытанні.

Чакаем новае папаўненне ў нашу школу “Вясёлка”!

Людміла Сінякова

куратар беларускай школы “Вясёлка”,

член праўлення таварыства “Уздым”