6 верасня 2019 года ў канцэртнай зале Даўгаўпілскага Арт-цэнтра імя Марка Роткі з аншлагам прайшоў I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, у якім удзельнічалі аўтары і выканаўцы з Латвіі, Беларусі і Літвы.

«В поездах и в машинах, и просто пешком,

На байдарках, на лыжах с тяжёлым мешком,

Не за школьной окрашенной партой

Твою пестро-зелёную карту

Изучили давно наизусть,

Беларусь, Беларусь». 

Песняй “Беларусь”, напісанай мінскім бардам Арыкам Круппам у студзені 1971 гады, адкрыўся I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе. Праз два месяцы Арон Крупп разам з таварышамі загінуў пад лавінай у Саянах. Засталіся яго аматарскія аўдыёзапісы і каля 80 песень, многія з якіх сталі класікай турыстычнай песні. Тры гады таму ў Цэнтры беларускай культуры іх спявалі барды з Мінска, якія спецыяльна прыехалі на радзіму Арона Якаўлевіча Круппа (1937-1971), у г.Даугавпилс. Так нарадзілася ідэя форуму аўтарскай песні, які аб'яднае бардаў і выканаўцаў Латвіі і Беларусі ў папулярызацыі сучаснай інтэлектуальнай песні. Пра гэта распавяла аўтар праекта, старшыня Беларускага культурна-асветнага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская.

Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч у прывітальнай прамове пажадаў фестывалю поспехаў і развіцця.

У першым фестывалі беларускай аўтарскай песні прынялі ўдзел 12 аўтараў і выканаўцаў: Марыя Гербрэдэрэ, Сяргей Салаўёў, Анатоль Галлер, Анатоль Байко, дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ермаченкі (г.Даўгаўпілс), Сяргей Пічугін (г.Рыга), дуэт Яўгена Пашкевіча і Лідзіі Знотыні (г.Ліваны) , Сяргей Шабадалаў (г.Вісагінас, Літва). Ганаровымі гасцямі фестывалю сталі вядомыя аўтары і выканаўцы Максім Іўкіна і Зміцер Бартосік з Мінска (Беларусь).

Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Кожны ўдзельнік фестывалю выканаў адну песню на беларускай мове (абавязковую па ўмовах фестывалю) і іншыя па выбары. Прагучала некалькі песень на словы Станіслава Валодзькі.
Зьміцер Бартосік - журналіст і бард, аўтар двух альбомаў сваіх песень і аднаго альбома расійскай аўтарскай песні ў перакладзе на беларускую мову Рыгора Барадуліна. Ён выканаў песні Булата Акуджавы, Левітанскага і Нікіціна, а таксама свае з альбома «Дарога на Вільню».

У сваю чаргу Максім Іўкін - кампазітар, даследчык і выканаўца, працуе ў розных стылістычных кірунках: ад акадэмічнага авангарду да акустычнага фолк-блюзу. Ён выканаў аўтарскія песні, да якіх напісаў музыку. Сюрпрызам для гледачоў стала песня на латгальскай мове ад мінскага артыста.

У фінале канцэрту паэт Станіслаў Валодзька прачытаў верш «Наш фестываль», які ён прысвяціў I Міжнароднаму фестывалю беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе. Завяршальным акордам песеннага форуму стала ўзнагароджанне удзельнікаў - кветкі, дыпломы і фірмовыя сувеніры ўручылі гасцям члены Праўлення “Уздыма” Жанна Раманоўская і Валерый Амбросаў.

Арганізатар фестывалю - Беларускае культурна-асветнае таварыства “Уздым”, выказвае падзяку за інфармацыйную падтрымку радыё “Алісе +”, газетам “Миллион” і “Латгалес лайкс”, парталам Город.лв, Грани.ла, Наша.лв, D-fakti. lv, а таксама муніцыпальнаму сайту Daugavpils.lv.

Праект “I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні” беларускага таварыства “Уздым” рэалізуецца пры садзейнічанні Фонду падтрымкі грамадскіх арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы.

Інфармацыя падрыхтавана:
Беларускае таварыства “Уздым”