25 ліпеня 2019 года ў Даўгаўпілсе адбылася ўрачыстасць уручэння ветэранам Вялікай Айчыннай вайны юбілейных медалёў “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Узнагароды ветэранам уручаў Генеральны консул РБ Клімаў Уладзімір Васільевіч.

3 ліпеня 1944 года ад нацысцкай акупацыі была вызвалена беларуская сталіца. Гэтая дата стала Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дзяржава маштабна адзначыла юбілейную дату гэтай гістарычнай падзеі. 75-годдзю вызвалення прысвечаны медалі, якіх удастоены партызаны, салдаты і афіцэры, якія ваявалі ў Беларусі і вызвалялі яе зямлю ад нацызму. 20 з іх пражываюць у Даўгаўпілсе. Па даручэнні прэзідэнта РБ і беларускага ўрада Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе У.Клімаў выканаў ганаровую місію – уручыў ветэранам юбілейныя медалі.

Урачыстая цырымонія прайшла ў Цэнтры беларускай культуры. Уладзімір Клімаў у сваёй прамове нагадаў галоўныя вехі вайны ў Беларусі: абарона Брэсцкай крэпасці і Магілёва, шырокі партызанскі рух, спаленыя Хатынь і сотні іншых вёсак, лагер смерці “Трасцянец” і дзіцячы канцлагер “Чырвоны бераг”, легендарная аперацыя “Баграціён” і вызваленне Беларусі ад нацысцкай акупацыі.

“Беларусь – гэта кожны чацвёрты загінуўшы жыхар. Калі б не вайна, у краіне да гэтага часу пражывала б не менш за 30 мільёнаў чалавек, а зараз мы па-ранейшаму знаходзімся на ўзроўні 1941 года... Я ўпэўнены, што здаровы сэнс павінен перамагчы і трагічныя падзеі той вайны больш не будуць паўтарацца зноў”, – падкрэсліў беларускі дыпламат і выказаў падзяку ветэранам за іх гераічнае юнацтва ў імя перамогі і свабоды.

Старшыня Даўгаўпілскага таварыства змагароў антыгітлераўскай кааліцыі Задохіна Ларыса Міхайлаўна павіншавала членаў арганізацыі з дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі. Яна таксама з беларускай трагедыяй: у 2,5-гадовым узросце была вывезена з Віцебска ў канцлагер.

З хваляваннем і слязамі на вачах людзі шаноўнага ўзросту прымалі медалі ад Генеральнага консула РБ. “Няхай жыве і квітнее мая родная Беларусь!” – успомніў родную гаворку радавы партызан Літвінаў Леанід Андрэевіч, які ваяваў пад Полацкам і блакадным Ленінградам.

“Мне было 13 гадоў, калі я стаў разведчыкам у партызанаў. Мы заходзілі ў многія хаты. Такіх адносін да савецкіх вайскоўцаў, партызан, як у Беларусі, я нідзе больш не сустракаў. Простыя жыхары былі з вельмі высокай самасвядомасцю. Беларускія падзеі я ўспамінаю кожны дзень і вельмі ўдзячны прэзідэнту Беларусі за медаль”, – сказаў Гунар Анатоль Гаўрылавіч.

“Дзякую за памяць!” – па-вайсковаму адчаканіў Сцяпанаў Аляксандр Сямёнавіч.
У кожнага з іх за плячыма цэлае жыццё і свая вайна, а для кагосьці яна працягваецца і па гэты дзень – у страшных снах, адгалосках раненняў, галодных успамінах і вострым пачуцці несправядлівасці, калі гісторыю той страшнай вайны пачынаюць перапісваць...         Таму так шчыра ветэраны радаваліся той крысе ўвагі, якую ім удзялілі Генеральнае консульства РБ і грамадскія арганізацыі. Таму з такім задавальненнем слухалі канцэрт, а пад песню ў выкананні Паўла Прозара нават станцавалі вальс.

Члены Даўгаўпілскага беларускага таварыства “Уздым” і Ліванскага славянскага таварыства “Узоры” падрыхтавалі кранальную канцэртную праграму. “Ветэранам” – так называецца верш, які паэт Станіслаў Валодзька прачытаў на вечары памяці. Салісты Віталь Міхайлоўскі і Яўген Пашкевіч пад гітару выканалі песні на тэму вайны, абавязку, гонару і сяброўства. Гучалі вершы паэтаў Ліліі Воранавай, Людмілы Вілюмы, Яўціхія Канаплёва і Яўгена Голубева.

І наогул не было пафасу. А былі простыя, душэўныя зносіны прадстаўнікоў двух пакаленняў: адны прайшлі вайну, другія ведаюць пра яе па кнігах і кінафільмах. І іх шчырыя словы падзякі за мірнае неба над галавой былі напісаны на паперы, складзенай у форме ваеннага пісьма-“трыкутніка”, якое ветэраны разам з медалём і кветкамі панеслі з сабой на памяць.

Інфармацыя падрыхтавана:

Жанна Раманоўская,

старшыня Беларускага таварыства “Уздым”