27 ліпеня 2019 года ля мемарыяла вызваліцелям у парку Дубровіна адбыўся мітынг, прысвечаны вызваленню Даўгаўпілса ад гітлераўскіх войскаў у ходзе Другой сусветнай вайны. Гэта адбылося 75 гадоў таму.

27 ліпеня 1944 года Даўгаўпілс быў вызвалены ў выніку наступальнай Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі. Горад ляжаў у руінах. Загінулі тысячы людзей. З тых страшных падзей трэба вынесці ўрок, гісторыю нельга перапісаць, нашчадкі павінны памятаць пра гэта, каб вайна ніколі не паўтарылася. Пра гэта казалі ў сваіх выступленнях мэр горада Андрэй Элксніньш, консул-саветнік Расійскай Федэрацыі Наталля Пуставалава, консул Рэспублікі Беларусь Мікалай Раманкевіч, старшыня Даўгаўпілскага таварыства змагароў антыгітлераўскай кааліцыі Ларыса Задохіна і іншыя.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых. Да Вечнага агню былі ўскладзеныя кветкі і вянкі ад гарадской думы, дыпламатычных прадстаўніцтваў, грамадскіх арганізацый. У мітынгу прынялі ўдзел члены Праўлення Беларускага таварыства “Уздым”, якія ўсклалі да мемарыяла вянок з удзячнасцю воінам-вызваліцелям за мірнае неба над галавой.

Затым адбыўся святочны канцэрт, на якім члены “Уздыма” Станіслаў Валодзька і Лілія Воранава прачыталі свае вершы, Павел Прозар і Віталь Міхайлоўскі выканалі песні.

Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
старшыня беларускага таварыства “Уздым”