Пераднавагоднiя i навагоднiя святы так хутка заканчваюцца, а святочны настрой працягвае ваўсю лунаць у паветры! Улiчваючы гэтую акалiчнасць, члены беларускага таварыства «Уздым» сумесна з Цэнтрам беларускай культуры традыцыйна напярэдаднi Старога Новага года збiраюцца каля ёлкi, каб адсвяткаваць разам пачатак года, якi ў беларускага народа завецца Калядамi.

Калi ўсе месцы за накрытымi сталамi былi заняты i ўсе ўжо былі гатовы акунуцца ў чароўныя iмгненнi казачнага дзейства, старшыня таварыства «Уздым» і дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская звярнулася з цудоўнымi, пранiклiвымi словамi прывiтання, удзячнасцi, падзякi да сяброў. Да кожнага паднесла кошычак з цукеркамi-пажаданкамі, якiя адначасова ўяўлялi сабой бiлеты бяспройгрышнай латарэi. I адразу пасля гэтага, нiбы пасля ўзмаху чароўнай палачкi, амаль як бы ўляцела рухавая, каларытная, з беларускiм шармам Баба Яга - Каргота, ролю якой выконвала Iна Валюшка, член праўлення таварыства “Уздым”. Няўрымслiвы, гарэзлiвы тэмперамент Карготы прыходзiлася нават стрымлiваць разважлiвай вядучай, ролю якой выконвала метадыст ЦБК Марыя Памецька.

Конкурсы, вясёлыя заданнi, сольныя песнi ў выкананнi Аляксандра Лапы, навагоднiя песнi гурта «Купалiнка», якія краналі душу, лiрычныя песнi ансамбля «Спадчына» змянялiся выхадам то сiмвала года мiнулага – Пятуха (Тэрэса Паўлава), то сiмвала 2018 года – Сабакi (Надзея Свірковіч). Цiкавай задумкай аўтара сцэнарыя Iны Валюшка атрымалася сцэнка выхаду Дзеда Мароза, да якога з’явіліся пачаргова аж дзве Снягуркі! Яго першая Снягурка - ва ўзросце сеньёры, з рэўнасцю сустрэлася з цяперашняй – маладзіцай. Што тут пачалося! Цэлы каскад падколаў, жартаў, анекдотаў! На выдатна выканалi гэтыя ролi: член праўлення таварыства “Уздым” Валерый Амбросаў – Дзед Мароз, Галiна Сантоцкая – першая Снягурка, Надзея Свiрковiч – маладая Снягурка.

А як падымалi ўсiх з месца запальныя жартоўныя танцы ў выкананнi танцавальнага калектыва «Лянок» i яго кiраўнiцы Марыны Медунецкай! Рухi на каардынацыю суправаджалiся смехам i непадробленай весялосцю. I, як заўсёды, музычнае суправаджэнне забяспечваў наш таленавiты канцэртмайстар Вячаслаў Пятроў, адначасова дапамагаючы ва ўсiх другiх неабходных справах.

Сябры актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах, імпрэзах і гульнях , якія падрыхтавалі і правялі Таццяна Дзянісава (член праўлення таварыства “Уздым”), Вера Сухарава, Лілія Воранава, Яніна Юзэфовіч і іншыя ўдзельнікі свята.

У беларускага народа ёсць павер’е: з кiм святкi правядзеш, з тым i застанешся. Гэтa таму, што пры сумесным святкаваннi адкрываюцца людзi сваiмi новымі чалавечымі рысамі і творчымi магчымасцямi. На калядным свяце галоўнымi якасцямi былi зладжанасць i яднанне, аб чым і было сказана перад пачаткам святкавання Жанай Раманоўскай, бо гэта ж наша сіла, якая дапамагае несцi беларускую культуру з гонарам і годнасцю.

Матэрыял падрыхтавала: 
Аўтар артыкула: Тэрэса Паўлава 
Аўтар фота: Жана Раманоўская