7 кастрычніка 2018 года ў беларускай нядзельнай школе "Вясёлка" зноў прагучаў трапяткі званок, які ўзвясціў пра пачатак навучальнага года. Ужо 23-ы год па добрай традыцыі ў Дзень настаўніка школа Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» адкрывае свае дзверы для новага навучальнага года.

Мерапрыемства адкрылі навучэнцы нядзельнай школы з музычна-танцавальным нумарам песні "Зямля в е блакiтнымi вачамi» (словы Эдзі Агняцвет, музыка Юрый Семяняка).

Вядучымі мерапрыемства былі педагогі Алена Радзівонава і Людміла Сінякова.

На першай сустрэчы размова ішла пра родную мову і аб мовах свету. Дзеці з цікавасцю ўдзельнічалі ў пазнавальных гульнях - «Далоні», пра прыказкі і іншыя. Бацькі прынялі ўдзел у пастаноўцы беларускай народнай казкі «Тры падарожнікі».

Краязнаўца Мікала Паўловіч падрыхтаваў пераносныя выставы «Настаўнікі беларускіх школ у Латвіі пачатку 20 ст.», «Падручнікі беларускіх школ 19-20ст.», якія прадставіла дзецям і іх бацькам педагог Вольга Паўлавіч.

Са словамі віншавання выступіла консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Яўгенія Іванаўна Барткевіч. Яна таксама перадала ў фонд школы "Вясёлка" памятны сувенір - дзіцячую нацыянальную ільняную сукенку.

З цёплымі словамі пажадання да вучняў «Вясёлкі» звярнулася кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская.

Па традыцыі, паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае дзіцячыя вершы і павіншаваў педагогаў з Днём настаўніка.

Прыемным падарункам стаў выступ тэатральнай студыі «Пaўлiнка» Цэнтра беларускай культуры. Гэта была прэм'ера лялечнага тэатра з пастаноўкай беларускай народнай казкі «Як мядзведзь звяроў напалохаў».

Педагогі перадалі ў дар «Уздыму» аплікацыю, якую выхаванцы «Вясёлкі» зрабілі сваімі рукамі ў якасці падарунка беларускаму таварыству да яго 25-гадовага юбілею. Карціна ўпрыгожыць школьны клас.

Вядома ж, сапраўдным знакам Дня ведаў з'яўляецца першы званок. Гонар урачыста яго празваніць быў прадастаўлены самаму юнаму вучню школы - Алексу Кавалеўскаму.

А затым вучні адправіліся на свой першы ўрок у новым навучальным годзе. Гэта быў не звычайны школьны ўрок, а майстар-клас па вырабу лялькі-абярэга. Яго правяла педагог Алена Радзівонава.

З пацешнымі абярэгамі выхаванцы беларускай нядзельнай школы "Вясёлка" сабраліся за святочным чаяваннем, з беларускімі цукеркамі і прысмакамі, бо за лета яны засумавалі адзін па аднаму, дзяліліся навінамі і ўражаннямі.

Праект развіцця беларускай нядзельнай школы "Вясёлка" атрымаў фінансавую дапамогу Фонду падтрымкі NVO Даўгаўпілскай гарадской думы. У рамках праекта адбыліся: паездка ў Рыгу і ўдзел у Спартакіядзе дзяцей нацыянальных меншасцяў ЛР, свята "Апошняга званка", міжнародны конкурс малюнкаў, паход «Даўгаўпілскія рабінзоны» і Дзень ведаў, прысвечаны 100-годдзю Латвіі.

Матэрыял падрыхтавала:

настаўнік нядзельнай школы "Вясёлка"

Алена Радзівонава