Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Дзеці і дарослыя заўжды чакаюць у госці Дзеда Мароза – і абавязкова з падарункамі.

Завітаў Дзед Мароз са Снягуркай на свята Каляды і Новы год, якое ладзілі настаўнікі разам з выхаванцамі нядзельнай беларускай школы “Вясёлка”, што працуе пры таварыстве “Уздым”.

Свята праходзіла ў памяшканні Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Вядучая свята – настаўніца Людміла Сінякова, запрасіла ўсіх на навагодні шляхецкі баль.

Падчас свята дзеці пазнаёміліся з традыцыямі баляў: як упрыгожвалі залу, як гаспадар сустракаў гасцей і знаёміў з ганаровымі гасцямі, гулялі ў гульні таго часу.

А потым была сустрэча з Дзедам Марозам (Уладзімір Стасевіч, член маладзёжнай групы таварыства “Уздым”) і Снягуркай (Алена Радзівонава, настаўніца беларускай школы “Вясёлка”). Дзеці падрыхтавалі да свята касцюмы, вывучылі вершы і песні.

Віншавалі дзяцей і бацькоў кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Раманкевіч Мікалай Уладзіміравіч.

І абавязкова былі падарункі.  Ад консульства сумкі з надпісам “Беларусь. “Вясёлка”, ад ЦБК і таварыства “Уздым” – салодкія прысмакі.

Падчас свята Эля Марчанка, Лайма і Лаліта Казлоўскія атрымалі падзякі і сувеніры за ўдзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, прысвечаным творчасці Паўла Пранузы, які праходзіў восенню ў Таліне.

У снежні 2018 года наша дзіцячая дэлегацыя ў колькасці чатырох чалавек прысутнічала ў Мінску на галоўнай ёлцы. Аб гэтым яны расказалі на нашым свяце.

Выказваем словы падзякі за падарункі і магчымасць дзецям разам з бацькамі

ўдзельнічаць у свяце ў Мінску Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе  і кіраўніцтву таварыства “Уздым”.

Скончыліся святы і пачынаюцца заняткі…

Людміла Сінякова,

куратар беларускай школы,

член праўлення таварыства “Уздым”