Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

25 кастрычніка 2020 года беларуская нядзельная школа “Вясёлка” сустракала гасцей.

Восень. Школы расчынілі дзверы для вучняў. Прайшлі ўрачыстыя лінейкі. Для многіх яны былі першымі. Пачаліся заняткі. А наша школа “Вясёлка” так і чакае сваіх выхаванцаў. Але свята атрымалася онлайн!

Штогод гучаў у школе першы званок падчас свята Дня настаўніка. Але сёлета так склаліся абставіны, што навучальны год мы пачалі з удзелу ў спартыўным свяце “Vienoti sportā!” (“Адзіныя ў спорце!”) у Рызе. Наша паездка адбылася, дзякуючы праекту таварыства “Уздым” і суфінансаванню Даўгаўпілскай гарадской думы.

Свята “Першага званка” мы праводзілі, адзначаючы 25-годдзе беларускай школы, якая працуе пры таварыстве “Уздым” у памяшканні Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).

У сувязі з эпідэміялагічнымі абставінамі першы тэматычны ўрок прайшоў у новым фармаце с выкарыстаннем Zоом платформы. Зала была цудоўна ўпрыгожана.

На свяце прысутнічалі: консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Галіна Валяр’янаўна Найдзёнава, старшыня таварыства “Уздым” і кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Станіслаў Валодзька, бацькі і настаўнікі.

Свята пачалося з “Песенкі вясёлкі” на словы Станіслава Валодзькі (музыка Альберта Белуся) у выкананні супрацоўніцы ЦБК, спявачкі Настассі Лукашонак. Упершыню песня прагучала ў выкананні вакальнага калектыву “Пралескі” на свяце 20-годдзя школы і стала яе гімнам.

Першыя школьныя заняткі мы прысвяцілі Дню пісьменства ў Беларусі, які праходзіць штогод у восеньскую пару. Вялася размова аб тым, што на гэтым свяце традыцыйна праходзяць прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі, выставы твораў народных умельцаў, выступленні мастацкіх калектываў і адкрыццё разнастайных экспазіцый, прысвечаных кнігадрукаванню часоў мінулых і цяперашніх; што ў Дзень беларускага пісьменства адбываецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў і шэраг іншых цікавых падзей. З гісторыяй Дня беларускага пісьменства нас пазнаёміла Алена Радзівонава, якая падрыхтавала прэзентацыю.

Пра дзейнасць беларускіх школ, якія працавалі ў першай палове XX стагоддзя ў Латвіі, расказаў краязнаўца Мікола Паўловіч. Ён падрыхтаваў выставу падручнікаў для беларускіх школ розных часоў.

З якімі дасягненнямі наша “Вясёлка” сустракала свой юбілей, пазнаёміла Людміла Сінякова, якая разам з Аленай Радзівонавай падрыхтавала фотапрэзентацыю “Беларускай школе “Вясёлка” – 25”.

У школе традыцыйна праходзяць святы першага і апошняга званка, Каляды, Вялікдзень. Адзначаюцца народныя беларускія святы: Гуканне вясны, Саракі, Купалле, Дажынкі, Багач. На ўрокі запрашаюцца цікавыя асобы. Мы сустракаліся з унучкай Якуба Коласа Марыяй Міцкевіч, майстрыхай з Браслава Ларысай Дарафейчык, паэтам Станіславам Валодзькам, краязнаўцам Міколам Паўловічам, студэнтамі ўніверсітэта, настаўніцай з Браслава Вітай Чэркас і дзецьмі Браслаўскай гімназіі. Выхаванцы “Вясёлкі” прымалі ўдзел у гістарычных віктарынах і конкурсах, знаёміліся з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, вывучалі беларускую мову.

У працы школы прымала ўдзел моладзь “Уздыма”, якая дапамагала арганізоўваць святы і заняткі, працавала ў напісанні і ажыццяўленні праектаў. Дзеці ўдзельнічалі ў святах таварыства: “Беларускі кірмаш”, “Гуканне вясны”, Дні беларускай культуры, прысвечаныя творчасці Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Нашы вучні наведвалі Браслаўскую гімназію, Рыжскую беларускую асноўную школу, былі на Прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску, прымалі ўдзел у міжнародных конкурсах малюнкаў па творах Пімена Панчанкі, Янкі Маўра і Еўдакіі Лось, неаднаразова ўдзельнічалі ў спартыўным свяце ў Рызе “Vienoti sportā!”, хадзілі ў паход з начлегам і кастром. Нашу дзейнасць падтрымліваюць бацькі.

На працягу 25 гадоў у беларускай нядзельнай школе працавалі, вялі ў цудоўную краіну ведаў настаўнікі: Вольга Паўловіч – заснавальніца школы, першая настаўніца, і зараз працуе у школе, праводзіць заняткі па беларускай мове; Таццяна Бучэль – праводзіла з дзецьмі гістарычныя конкурсы; Галіна Сантоцкая – арганізоўвала традыцыйныя беларускія святы, знаёміла дзяцей з беларускім фальклорам (дарэчы, у той час настаўнікам дапамагалі Маргарыта Мілушава, якой, на жаль, ужо няма на гэтым свеце, і Зінаіда Сіліня); Аннітэ Петкунэ – займалася з дзецьмі тэатральнай дзейнасцю; Людміла Сінякова – з’яўляецца куратарам школы, падрыхтавала дакументы для атрымання школай ліцэнзіі, пісала для школы праекты, якія фінансаваліся Даўгаўпілскай гарадской і краявой думамі, праводзіць заняткі па беларускай літаратуры, піша сцэнарыі святаў для дзяцей; Таццяна Блізнакова – праводзіць музычныя заняткі, рыхтуе выступленні дзяцей на святах; Алена Радзівонава – настаўніца гісторыі, арганізатар конкурсаў малюнкаў і святаў.

На юбілейным свяце мы слухалі па відэа вершы ў выкананні вучняў нашай школы Сафіі Блізнаковай і Паўла Кузьміча.

Са святам дзяцей і настаўнікаў павіншавала консул РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава. Настаўнікі атрымалі падзякі ад консульства.

Віншавальны ліст нам даслаў Саюз беларусаў Латвіі (СБЛ).

Цёплыя словы падзякі за працу настаўнікам выказала старшыня таварыства “Уздым” і кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і ўручыла падарункі, якія спатрэбяцца на занятках, а таксама кветкі настаўнікам.

Вучням былі ўручаны і асабістыя падарункі: нататнікі і фірменныя пакеты з эмблемай школы, надрукаваныя па праекце; ручкі і беларускія шакаладкі.

Павіншаваў нас са святам паэт Станіслаў Валодзька. Ён прачытаў два свае жартоўныя вершы і загадаў загадкі, якія не ўсе змаглі адгадаць, і падарыў сваю кнігу “Калі ласка, казка”.

Ад імя настаўнікаў Вольга Паўловіч падзякавала за віншаванні і ўдзел у свяце Жанне Раманоўскай, і ўручыла падарунак ад настаўнікаў з падзякай за падтрымку свята. Вольга падзялілася навіной аб падрыхтоўцы да выдання кнігі “Вясёлка” – 25”.

Ад імя бацькоў добрыя словы сказалі Айна Марчанка, Таццяна Дзянісава і Людміла Абарон.

Сёлета запісаліся ў школу новыя вучні – дзеці супрацоўнікаў беларускага консульства ў Даўгаўпілсе.

Таксама ўспомнілі і сваіх выпускнікоў. У 2016 годзе школу закончылі Ілона Раманоўская і Ксенія Славецкая. У 2019 годзе атрымалі першыя пасведчанні аб заканчэнні школы Караліна Казачонак, Надзея і Марына Чарновы.

Цікавамі ўспамінамі аб сваёй вучобе ў школе падзялілася Алена Бучэль. Зараз яна водзіць у школу сваіх дзетак Паўла і Кацярыну.

Мы павіншавалі выхаванцаў “Вясёлкі” – удзельнікаў міжнародных конкурсаў малюнкаў. За ўдзел у конкурсе “Родны край маіх дзядоў” (праект таварыства “Уздым”) падзякі атрымалі: Кацярына Кузьміч, Акім Воранаў, Арвід Сантоцкі, Ева Малышава, Надзея і Марына Чарновы. За ўдзел у конкурсе Цэнтра беларускай культуры “Радзіма” горада Таліна “Спяваюць паэты на зямлі...”, прысвечаным 90-годдзю Еўдакіі Лось, падзякі атрымалі Караліна Казачонак і Марына Чарнова; дыплом за ІІІ месца – Надзея Чарнова.

Па даўняй традыцыі навучальны год пачынаецца з першага званка. Гонар даць урачысты званок выпаў консулу Галіне Найдзёнавай.

Увага, сябры – гучыць званок! Мы, настаўнікі, спадзяёмся, што і ў далейшым школьнае жыццё будзе цікавым і насычаным.

Людміла Сінякова,

куратар школы,

член Праўлення таварыства “Уздым”,

член Праўлення СБЛ.

View the embedded image gallery online at:
http://uzdim.lv/be/home/news/128-vyasjoltsy-25#sigProId81274d5b44